У 2021 годзе ў Польшчы прайшоў перапіс насельніцтва. Раз на 10 гадоў мы перапісваемся, уносячы ў адпаведныя рубрыкі зьвесткі, у тым ліку пра месца жыхарства, сям’ю, веравызнаньне. Нам таксама трэба запоўніць рубрыку нацыянальнасьць.
У сувязі з вышэйсказаным Фундацыя Тutaka падрыхтавала акцыю “Я - беларус!” заахвочваючы, адзначаць сябе ў перапісу як асобу беларускай нацыянальнасьці.
Гэта сэрыя кароткамэтражных фільмаў, у кожным зь якіх мы бачым адну асобу, якая прадстаўляецца па імені, распавядае, чым займаецца, і ў некалькіх фразах тлумачыць выбар беларускай нацыянальнасьці ў жыцьці і падчас перапісу. Важна, што, незалежна ад беларускай нацыянальнасьці, мы зьяўляемся часткай іншай супольнасьці — супольнасьці грамадзян Польшчы.
Наша акцыя была накіраваная ня толькі на папулярызацыю беларускіх аўтахтонаў, але і стала часткай агульнанацыянальнай тэндэнцыі папулярызацыі нацыянальных меншасьцяў як групаў, якія культурна ўзбагачаюць нашую краіну.
Нам удалося запрасіць да кампаніі шмат людзей зь вельмі розных сацыяльных слаёў. Акцыя была адкрытай, мы запрашалі ўсіх, хто хацеў заахвоціць іншых перапісацца беларусамі.
У запісах прысутнічаюць розныя асобы, у тым ліку добра нам знаёмыя, напрыклад, Лявон Тарасэвіч, Яўген Чыквін ці Ігар Лукашук. Ёсьць і Маргарыта Ляўчук, беларуская опэрная сьпявачка, адна з асоб рэвалюцыі ў Беларусі. Аднак пры цэлым мностве асобаў, вядомых у нашым асяродзьдзі, мы хацелі прадставіць людзей, якія звычайна не мільгаюць у СМІ ці на культурных мерапрыемствах. Мы хочам паказаць беларусаў Падляшша такімі, якія яны ёсьць - асобамі розных прафэсіяў і розных поглядаў.
https://www.facebook.com/watch/FundacjaTutaka/187918496395297/