
У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі
У цэнтры Беластока беларуская супольнасць адзначыла 108-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Волі, у горадзе працягнуцца яшчэ больш за тыдзень.
З віншаваннямі да ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі мясцовай улады. Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі падкрэсліў значэнне незалежнасці Беларусі і важнасць еднасці беларусаў у змаганні за свабоду. Ён адзначыў салідарнасць Польшчы з беларускім народам і нагадаў пра польскі досвед барацьбы за незалежнасць.
Віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі выказаў надзею, што ў будучыні Дзень Волі можна будзе свабодна адзначаць і ў самой Беларусі - у Менску, Гародні і іншых гарадах.
Падчас мітынгу выступілі прадстаўнікі беларускай супольнасці. Сябра Рады БНР Яўген Вапа Яўген Вапа нагадаў, што яшчэ ў 1986 годзе адбыўся першы падпольны Дзень Волі ў Беластоку. Пра падзеі 1990-х гадоў і пачатак вулічнай барацьбы ў Беларусі ўзгадаў адзін з арганізатараў Дня Волі ў Менску 1996 года Вячаслаў Сіўчык. Са сцэны таксама выступіў паэт, бард і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Словы падтрымкі беларусам перадала і ўкраінская дыяспара Беластока.
Падчас акцыі ўдзельнікі разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, а са сцэны прагучалі знакамітыя «Муры» - па-беларуску і па-польску.
Шчыра дзякуем усім, хто прыйшоў, далучыўся да святкавання і падтрымаў Дзень Волі. Ваша прысутнасць і салідарнасць паказваюць, што беларуская супольнасць моцная і памятае пра сваю гісторыю і каштоўнасці.
Мы святкуем Дзень Волі ў Беластоку, але ведаем: прыйдзе дзень, калі яго будуць свабодна адзначаць у самой Беларусі.
І гэта будзе нашая агульная перамога.
Жыве Беларусь! 🤍❤️🤍
Арганізатары: Фонд TUTAKA і Беларуская дыяспара Беластока
Партнёр мерапрыемства – Горад Беласток